Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Мая маленькая Радзіма - мая родная зямля!

Дата: 27 марта 2019 в 12:36, Обновлено 27 марта 2019 в 13:20
Автор: Каща О. Н.
1 288 просмотров

Пад такой назвай прайшоў у сакавіку для вучняў 1-11 класаў гімназіі Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Працавала творчая лабараторыя “Мне пашчасціла тут нарадзіцца” (конкурс на лепшы малюнак, калаж). Пераможцамі сталі Савіцкая Аліна, Рамановіч Юлія, Сізоў Архіп, Трус Анастасій, Жук Павел (вучні 5 ”В” класа), Чамбурыдзэ Венера ( 5 “Б” клас, Красоўская Сафія, Талько Дар’я ( вучаніцы 7 “Б” класа).

Вучні пачатковых класаў прынялі актыўны ўдзел у гульні-віктарыне “Беларусь – мая краіна” і здзейснілі падарожжа ў краіну беларускіх казак.

Насычаным быў Тыдзень рознымі пазнавальна- інтэрактыўнымі гульнямі для сярэдняга і старэйшага ўзросту. Вучні праявілі эрудыцыю, даведаліся шмат новага, адчулі смак роднай мовы. Лепшыя знаўцы роднага слова – Санжарэнка Мікалай (5 ”В”), Саламонава Аляксандра, Пінчук Захар,( 5 А”), Пагоня Марыя (6 “Б”), Александровіч Арына, Ліннік Арцем (8 “Б”), Шавель Яна (9 “Б”).

Гасцінна прыняў нашых вучняў школьны літаратурны музей Кандрата Крапівы ў СШ № 2. Вялікі дзякуй кіраўніку і экскурсаводам  за цікавую і змястоўную экскурсію.

Шмат эмоцый падаравала літаратурна-музычная гасцёўня “Там, дзе Нёман льецца срэбнаводны”. Напачатку ўсе прысутныя з цікавасцю праглядзелі відэафільм “Нёман-бацька”, затым прачула і замілавана гучалі вершы “Пахне чабор” Петруся Броўкі, “Раманс” Максіма Багдановіча ў выкананні Селівончык Таццяны (9 “А”), Якімовіча Анатоля (10 клас). На нашай роднай беларускай мове бліскуча выканала песню “Сокал” Пілікевіч Вікторыя ( 8 “Б” клас).

Вядучыя ( Лятун Аліна і Красоўская Дар’я, вучаніцы 7 “Б” класа) пазнаёмілі прысутных з літаратурнымі талентамі Уздзеншчыны. З экрана, нібы повязь пакаленняў, глядзелі мудрыя вочы нашых землякоў. А якія непаўторныя краявіды Уздзеншчыны са спевам салаўя можна было ўбачыць і пачуць! Сапраўды, тут спявае ўся зямля, гамоняць лугі, пералескі.

Сведчаннем гэтага з’яўляецца літаратурнае аб’яднанне “Нёманец”, членам якога з’яўляецца Вольга Бокуць-Чабатарова. Творчасць яе  яркая і адметная. Творы адрасуе як дзецям, так і дарослым.

Вольга Рыгораўна ўзгадала самыя яркія моманты жыцця, прачытала верш “Дзяцінства маё” са зборніка “Малина в сентябре”. Арыгінальныя творы ўвайшлі ў зборнік “Лукошко пожеланий”.

У снежні 2018 года сумесна з Сяргеем Шараём выйшла кніга-фотаальбом “Мой родны край – мая любоў”, прысвечаная славутым і незабыўным мясцінам Уздзеншчыны. Аксамітным голасам спявала Вольга Рыгораўна сваю аўтарскую песню “Тут мае карані”. Пад гукі цымбалаў Дзяржаўнага акадэмічнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Жыновіча гучалі радкі-прысвячэнні малой радзіме. Удзельнікі мелі магчымасць бачыць усю прыгажосць кнігі на мультымедыйным экране. Напрыканцы выступлення ўсім прысутным Вольга Бокуць-Чабатарова адрасавала “Песню аб родным горадзе”.

У гімназіі працуе настаўніцай унучка вядомага кампазітара, заслужанага дзеяча культуры, Паўла Іванавіча Шыдлоўскага, Людміла Міхайлаўна Амельянчук. Бацька Людмілы Міхайлаўны таксама музыкант, былы дырэктар Уздзенскай  раённай музычнай школы Міхаіл Паўлавіч Шыдлоўскі. Музычны талент ад сваіх продкаў у спадчыну ўзяла і Людміла Міхайлаўна. Яна выдатна іграе на розных інструментах, прыгожа спявае. Адразу ў палон чароўных гукаў гітары і пранікнёных слоў песні трапілі ўсе прысутныя. Не перадаць словамі, якая панавала цішыня, калі Людміла Міхайлаўна выконвала “Лірычную” на словы дзядулі  Паўла Шыдлоўскага, а музыка належыць бацьку – Міхаілу Шыдлоўскаму. Здаецца, абудзіліся ўсе струны душы, кожны апынуўся ў сваіх успамінах...

Усё новыя і новыя таленты ўзрастаюць на нашай уздзенскай зямлі.  Ёсць такія юныя паэты і ў гімназіі. Вучаніца  5 “В” класа Рамановіч Юлія па-майстэрску агучыла свае вершы-прысвячэнні  “Маёй Беларусі”,”Маім настаўнікам”. А Бець Артур, вучань 5 “А” класа , піша вершы ў асноўным гумарыстычнага характару. З вялікім задавальненнем слухалі ўсе і яго творы “Юны выратавальнік”, “Найлепшы сябар”. Спрабуе пісаць і ўнучка Тамары Каляды, члена літаратурнага аб’яднання “Нёманец”, Алейнікава Аляксандра, вучаніца   6 “А”класа.

Вось і не перарываецца сувязь пакаленняў.  Звініць наднёманская ліра! Не перасохне крыніца творчасці і натхнення, калі ёсць на Уздзеншчыне такія таленты.

Малая радзіма – у кожнага ў сэрцы. Гэта часцінка свайго, роднага і незабыўнага.

Алена  Іванаўна Хворастава, настаўнік беларускай мовы  і літаратуры раённай гімназіі

Фотоальбом "Мая маленькая Радзіма - мая родная зямля!"

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.