Разам з татам у спартзалу
“Гэта субота атрымалася незвычайнай! Мы столькі станоўчых эмоцый атрымалі! Ды і з дзецьмі весела час правялі. А колькі было азарту…” – такія водгукі давялося пачуць ад мужчын, што разам са сваімі сынамі і дочкамі прынялі ўдзел у праекце “Тата-зала”, адкрыццё якого прайшло ў спартыўнай зале гімназіі.
12 такіх розных мужчын, якія працуюць у самых розных сферах (ЖКГ, сельская гаспадарка, гаргаз…), наглядна прадэманстравалі, што ўмеюць весела бавіць час з дзецьмі. Яскравы доказ гэтага – сумеснае пераадоленне эстафет і конкурсных заданняў, прапанаваных фізкультурнікамі гімназіі Галінай Аляксандраўнай Ермаковай і Эдуардам Аляксандравічам Лешуком. А заданні былі самыя розныя – ад перадачы мяча і гонак на самакатах да перацягвання каната і бегу ў мяхах. Самым відовішчным і эмацыйным быў конкурс “Тачкі”, калі дзеці “ішлі” на руках, а таты трымалі іх за ногі, а пасля падхоплівалі дзяцей на рукі і бегам вярталіся ў строй, каб перадаць эстафету наступнаму ўдзельніку!
Не абыйшлося і без музычных пауз: прыгожыя песні прысутным у зале – і ўдзельнікам, і балельшчыкам – падарыла Дана Грудзько. І хоць члены журы сур’ёзна адносіліся да выстаўлення і падліку набраных за час спаборніцтваў ачкоў, было відавочна – перамога будзе агульнай. Так і атрымалася! Усе юныя ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі падарункі ад райкама БРСМ. Самым жа галоўным падарункам стаў атрыманы ўсімі зарад бадзёрасці.
Як адзначыла намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Аксана Салавей, праект “Тата-зала” – гэта адна з нестандартных форм узаемадзеяння бацькоў і ўстаноў адукацыі ў выхаванні падрастаючага пакалення. Паколькі першымі ўдзельнікамі праекта сталі вучні пачатковых класаў, у тым ліку пяць першакласнікаў, то для іх гэта найлепшая адаптацыя да школьнага жыцця, бо паходы ў школу – гэта не толькі ўрокі і дамашнія заданні, гэта яшчэ і цікавыя мерапрыемствы. У гэтым на ўласным прыкладзе пераканаліся ўдзельнікі суботняй эстафеты – таты Аляксей Бянькоўскі, Яўгеній Шабан, Павел Булат, Сяргей Майсюк, Аляксей Канавалаў, Сяргей Траццяк, Аляксандр Пнеўскі, Сяргей Літвіненка, Аляксандр Салошка, Дзмітрый Кароль і Андрэй Бянькоўскі.
– Канцэпцыяй рэалізацыі данага праекта з’яўляецца тое, што адзін раз у тыдзень, у вызначаны ў раскладзе школы дўзень бацькі са сваімі дзецьмі збіраюцца разам у спартыўнай зале ўстановы адукацыі і разам праводзяць час, займаючыся актыўнай рухальнай дзейнасцю з выкарыстаннем спартыўнага інвентара, – адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Юлія Зяневіч. – Як і ў якой форме могуць праходзіць такія візіты ў спартыўную залу, нам наглядна прадэманстравалі ў гімназіі.
Рэспубліканскі маладзёжны сямейны праект “Папа-зала” накіраваны на выхаванне ў моладзі нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці, развіццё актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі падрастаючага пакалення, садзейнічанне развіццю і рэалізацыі моладзевых грамадска-значных ініцыятыў, умацаванне і развіццё бацькава-дзіцячых адносін, папулярызацыю здаровага ладу жыцця, бацькоўства, сям'і і сямейных каштоўнасцяў, умацаванне ўзаемадзеяння паміж школай, бацькоўскай грамадскасцю і грамадскімі аб’яднаннямі. А таксама рэалізацыю дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016-2020 гг.
Юныя ўдзельнікі праекта атрымалі падарункі ад райкама БРСМ
Вера ЛУКАШЭВІЧ